Бібліятэка сёння

Сёння Фундаментальная бібліятэка БДУ - гэта каля 2 млн. тамоў універсальнага фонду айчыннай і замежнай літаратуры; больш за 27 тыс. карыстальнікаў; 2 млн. кнігавыдач і зваротаў да электронных інфармацыйных рэсурсаў (электроннага каталога, электроннай бібліятэкі і ліцэнзійных баз дадзеных). Да паслуг карыстальнікам прадастаўлена 15 інфармацыйных залаў, медыятэка, каворкінг «Лібраторыя» (усяго 850 месцаў), падключаны бесправадны доступ да Інтэрнэт. Штогод бібліятэка набывае больш за 20 тыс. асобнікаў новых выданняў, атрымлівае каля 355 найменняў айчынных і замежных перыядычных выданняў, дае доступ да 25 навуковых ліцэнзійных паўнатэкставых і рэфератыўных баз дадзеных, вядзе міжнародны кнігаабмен з 56 навуковымі і навучальнымі арганізацыямі з краін СНД і далёкага замежжа. 

Фонд рэдкіх і каштоўных выданняў, які склаўся гістарычна, уключае старадрукаваныя выданні; калекцыю рэвалюцыйнага друку і першых гадоў савецкай улады; першыя прыжыццёвыя і асабліва каштоўныя выданні работ класікаў навукі, літаратуры і мастацтва; выданні, якія з'яўляюцца ўзорамі мастацкага афармлення і паліграфічнага выканання; мініяцюрныя і малафарматныя выданні; рэпрынты і факсіміле; выданні з аўтографамі асоб, вядомых у літаратуры, навуцы, грамадскім жыцці, прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ; нелегальныя і забароненыя дарэвалюцыйныя выданні; выданні, вернутыя з аддзела спецхрана; лепшыя серыйныя выданні, кнігі, ілюстраваныя вядомымі мастакамі; асобнікі з экслібрысамі або ўладальніцкімі пячаткамі; асобнікі з цэнзурнымі праўкамі, маргіналіямі.

Вялікую інфармацыйную і культурную каштоўнасць ўяўляюць створаныя на базе Фундаментальнай бібліятэкі дэпазітарныя фонды Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Міжнароднага Валютнага Фонду, якія дазволілі карыстальнікам бібліятэкі працаваць з першакрыніцамі дакументаў і публікацый ААН і МВФ, статыстычнымі штогоднікамі, матэрыяламі канферэнцый, семінараў, сімпозіумаў, зборнікамі дагавораў, перыядычнымі выданнямі на англійскай і рускай мовах.

Фундаментальная бібліятэка БДУ на працягу многіх дзесяцігоддзяў з'яўляецца каардынацыйным і метадычным цэнтрам сеткі бібліятэк (больш за 50) устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.