Гісторыя

Дата заснавання: 23 мая 1921 г.

Фундаментальная бібліятэка - адна з найстарэйшых і найбуйнейшых бібліятэк ВНУ Беларусі. Першапачаткова аснову яе фонду склалі 40 тыс. тамоў кніг, перададзеных універсітэту Народным Камісарыятам асветы БССР у 1920 годзе. Неўзабаве да іх дадалося яшчэ 20 тыс. тамоў з бібліятэкі былой Мінскай духоўнай семінарыі. У агульнай складанасці ў пачатку свайго станаўлення з бібліятэк былых навучальных устаноў Мінска бібліятэка БДУ атрымала каля 70 тыс. тамоў.

Першым дырэктарам бібліятэкі стала вядомы дзеяч народніцкага і рэвалюцыйнага руху Беларусі Яўгена Гурвіч (1861-1940), якая мела досвед працы ў Мінскай публічнай бібліятэцы імя Пушкіна і дыплом швейцарскага універсітэта. У 1922 году дырэктарам быў прызначаны Іосіф Сіманоўскі (1892-1967), таксама кваліфікаваны спецыяліст-бібліятэкар і выпускнік Бернскага універсітэта.


Першапачаткова бібліятэка размяшчалася ў будынку былой гімназіі Фальковіча (цяпер гістарычны факультэт БДУ, вул. Чырвонаармейская, 6). Затым была перавезена ў Юбілейны дом (зараз Інстытут тэалогіі БДУ, пр. Незалежнасці, 26). Штат супрацоўнікаў бібліятэкі на 1925/26 навучальны год складаў 35 чалавек.

У першыя гады дзейнасці для патрэб бібліятэкі БДУ былі набыты прыватныя зборы кніг акадэмікаў Я. Карскага, Н. Янчука, І. Карнілава, П. Жуковіча, О. Дыло, прафесараў А. Сапунова, І. Маркона, І. Гурвіча, народнага паэта Я. Купалы. Сярод паступленняў былі кнігі, выдадзеныя Францыскам Скарынам, Статут ВКЛ 1588 года і іншыя рарытэты.

У 1922 г. пастановай Савета народных коммисаров (СНК) БССР бібліятэка БДУ была ператворана ў бібліятэку пад найменнем «Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка», якая сумяшчала функцыі дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі, а таксама выконвала функцыі цэнтральнай бібліяграфічнай ўстановы БССР, для чаго ў складзе бібліятэкі былі створаны Беларуская Кніжная Палата (1924) і Бібліяграфічнае бюро (1925 г.).

У кастрычніку 1926 г. СНК БССР прыняў пастанову аб рэарганізацыі Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку, якая была выдзелена са складу Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Практычна ўвесь фонд універсітэцкай бібліятэкі, які на той момант складаў звыш 200 тыс. экз., быў перададзены Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы.

Пасля выдзялення дзяржаўнай бібліятэкі ў самастойную ўстанову, яна, паводле свайго Статуту, працягвала выконваць функцыі бібліятэкі ўніверсітэта да 1930 г. У БДУ з пакінутай часткі фонду (у асноўным вучэбнай літаратуры) працягвалі сваю дзейнасць факультэцкія бібліятэкі. У 1928 годзе пастановай СНК было прынята рашэнне аб будаўніцтве універсітэцкага гарадка, дзе пад ўніверсітэцкую бібліятэку планаваўся асобны корпус.

Сярод кіраўнікоў бібліятэкі таго перыяду варта адзначыць кандыдата юрыдычных навук, выпускніка Варшаўскага універсітэта Мікалая Гутковскага, доктара філалагічных навук, прафесара Міхаіла Ларчанка, кандыдата эканамічных навук, дацэнта Міхаіла Жаўрыда.

У пачатку 1941 г. фонд бібліятэкі БДУ складаў 200 тыс. тамоў. Падчас акупацыі Мінска гітлераўскімі захопнікамі большая частка кніг універсітэцкай бібліятэкі была знішчана, а частка каштоўнай літаратуры вывезена ў Германію.

Адраджэнне універсітэцкай бібліятэкі пачалося на станцыі Сходня Кастрычніцкай чыгункі пад Масквой, дзе ў кастрычніку 1943 г. аднавіў працу універсітэт. Вялікую дапамогу ў камплектаванні Фундаментальнай бібліятэкі таго перыяду аказалі Маскоўскі дзяржаўны універсітэт імя М.В. Ламаносава, Маскоўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя К. Лібкнехта, Дзяржаўны фонд РСФСР у Маскве і Ленінградзе.

Да моманту рээвакуацыі ўніверсітэта ў Мінск (жнівень-кастрычнік 1944 г.) у бібліятэцы налічвалася ўжо каля 20 тыс. тамоў. Аб'ём фонду універсітэцкай бібліятэкі толькі ў 1952 г. дасягнуў даваеннага ўзроўню, павялічыўся і гадавы прырост фонду (50-55 тыс. экз.). Аднаўленне фонду бібліятэкі, страчанага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, расцягнулася да 1955 г.

Пасля вяртання з эвакуацыі бібліятэка знаходзілася ў будынку фізіка-матэматычнага факультэта (цяпер Рэктарат БДУ, вул. Бабруйская, 5а), а ў 1949 г. у адноўленым будынку біялагічнага факультэта (цяпер факультэт геаграфіі і геаінфарматыцы, вул. Ленінградская, 16). У 1962 годзе бібліятэка пераехала ў галоўны корпус БДУ.

Пасляваеннае аднаўленне шмат у чым звязана з імем дырэктара бібліятэкі, вялікага прафесіянала ў бібліятэчнай справе - Разаліі Любінай (1902-1997).

Найбольш спрыяльнымі для фарміравання фонду Фундаментальнай бібліятэкі БДУ былі 1970-1980-я гг. У гэты час дырэктарам была Ірына Арэхаўская (1931-2006), якая прыклала нямала намаганняў па каардынацыі работы сеткі бібліятэк ВНУ і навукова-метадычнаму забеспячэнню іх дзейнасці. У 1975 годзе за ФБ БДУ была афіцыйна замацаваная функцыя Рэспубліканскага метадычнага цэнтра па каардынацыі дзейнасці бібліятэк ВНУ і ССНУ.

Фарміраванне фонду Фундаментальнай бібліятэкі значна змянілася ў пачатку 1990-х гг. з-за зніжэння бюджэтных асігнаванняў. У той жа час бібліятэка актыўна пачала ўкараненне ў практыку новых тэхналогій, фарміраваць калекцыі ў лічбавым выглядзе, прадастаўляць доступ да міжнародных паўнатэкставых і рэфератыўных навуковых баз дадзеных.