Выстава "Беларускія народныя строі"

10 января 2024

 

 

 

Фундаментальная бібліятэка запрашае аматараў беларускай культуры і гісторыі на выставу “Беларускія народныя строі”, якая праходзіць у студэнцкай чытальнай зале i прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння беларускага этнографа Міхася Раманюка.

Міхась Раманюк - беларускі мастацтвазнаўца і этнограф. Правёў дзясяткі этнаграфічных экспэдыцыяў, плёнам якіх сталі больш за 130 рэканструкцыяў традыцыйных строяў беларусаў. Збор і архіў Міхася Раманюка налічвае больш за 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі, падарожныя дзёньнікі складаюць дзясяткі тамоў. Важная частка шматгадовай творчай дзейнасьці Міхася Раманюка — артыкулы і ілюстрацыі ў энцыкляпэдыях: «Беларуская савецкая энцыкляпэдыя», «Энцыкляпэдыя літаратуры і мастацтва Беларусі», «Этнаграфія Беларусі». У 1981 годзе выдаў альбом «Беларускае народнае адзеньне», што складаецца з архіўных фатаздымкаў ды фатаздымкаў, зробленых аўтарам падчас экспэдыцыяў 1967—1980 гадоў.

Акрамя кніг на выставе прадстаўлены беларускі нацыянальны касцюм, створаны супрацоўніцай Фундаментальнай бібліятэкі Ксеніяй Валабой. Касцюм цалкам ручной работы (як і ўсе дэталі - пояс, вышыўка і нават карункі!). На яго стварэнне Ксенію натхніла народная песня. Ксенія пашыла касцюм для ўдзелу ў конкурсе на востраве Сіцылія, а пасля заняла 2 месца на конкурсе народных строяў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Прыходзьце любавацца і зрабіць свае фота.

Экспазіцыя будзе працаваць да 17 студзеня.