Запрашаем пазнаёміцца з віртуальнай святочнай імпрэзай "Кніжны свет Беларусі: Гродзеншчына"

06 апреля 2020

 

 

1 красавіка ў кнігарні "Дом книги «Светоч»" (г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 11) адбылася святочная імпрэза "Кніжны свет Беларусі: Гродзеншчына", на якой расказалі аб лепшых, найболей адметных кнігах, звязаных з Гродна і яго ваколіцамі.
У святочнай імпрэзе прынялі ўдзел Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, грамадскі дзеяч, фатограф Уладзіслаў Цыдзік, беларускі гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў, дырэктар РВУ "Выдавецкі дом «Звязда»" Павел Сухарукаў і генеральны дырэктар ААТ "Белкніга" Аляксандр Вашкевіч.

З прывітальнымі словамі выступілі Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч.

За значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай краязнаўчай літаратуры Віктару Лісковічу была аб'яўлена Падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Грамадскі дзеяч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіслаў Цыдзік прэзентаваў свае мастацка-літаратурныя альбомы пра Гродзеншчыну.

Беларускі гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў сваю выстаўку старых паштовак і кнігі з серыі "У пошуках страчанага".

Аляксандр Вашкевіч адзначыў, што ААТ "Белкніга" таксама ўносіць вялікі ўклад у папулярызацыю і распаўсюджванне беларускай краязнаўчай літаратуры праз адкрыццё кнігарняў, дзе кожны можа набыць кнігу не толькі пра найбуйнейшыя гарады, але і пра маленькія куточкі нашай мілай і любай краіны.