19 мая 2026
У Фундаментальнай бібліятэцы БДУ працягвае працу літаратурная выстава «Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе…». Зараз экспазіцыя размешчана ў медыятэцы аддзела абслугоўвання ФЖ і ФФСН (вул. Кальварыйская, 9, к. 108).
Выстава арганізавана сумесна з Літаратурным музеям Петруся Броўкі. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея: прыжыццёвыя выданні кніг, фотаздымкі, лісты і асабістыя рэчы Пятруся Броўки, якія дазваляюць глыбей адчуць атмасферу эпохі і наблізіцца да асобы творцы.
Пятрусь Броўка (поўнае імя — Пётр Усцінавіч Броўка) — беларускі празаік, паэт і перакладчык, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР у 1948–1967 гадах, народны паэт Беларусі, акадэмік АН БССР. Яго творчасць стала важнай часткай беларускай літаратуры ХХ стагоддзя і адлюстраваннем духоўнага жыцця сваёй эпохі. Экспазіцыя прапануе наведвальнікам па-новаму адкрыць для сябе творчасць народнага паэта, прасачыць яго жыццёвы і творчы шлях, убачыць, як разам з часам змяняўся сам аўтар — ад рамантычнай маладосці і веры ў пераўтварэнне свету да сталасці, роздумаў, асабістых перажыванняў і глыбокай споведзі.
На выставачных стэндах можна азнаёміцца з ключавымі старонкамі біяграфіі паэта, даведацца пра яго значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Дапаўняе экспазіцыю кніжная выстава з найбольш вядомымі творамі Пятруся Броўкі з фондаў Фундаментальнай бібіліятэкі, якая дазваляе яшчэ бліжэй пазнаёміцца з яго літаратурнай спадчынай.