02 марта 2026
26 лютага Фундаментальная бібліятэка і філалагічны факультэт БДУ прымалі вядомага беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Міхася Пазнякова, які ў студзені адзначыў сваё 75-годдзе.
Сустрэча з юбілярам — старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і выпускніком філалагічнага факультэта — прайшла ў цёплай і нязмушанай атмасферы. Студэнты з вялікай цікавасцю слухалі пранікнёныя вершы ў аўтарскім выкананні, даведваліся пра яркія старонкі яго жыццёвага і творчага шляху, атрымлівалі шчырыя адказы на пытанні, якія іх хвалявалі.
Асаблівым момантам сустрэчы стала чытанне вершаў Міхася Пазнякова, прысвечаных роднай мове і роднай зямлі, у выкананні студэнтаў-філолагаў.
Словы падзякі і віншаванні юбіляру выказалі дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Аляксандравіч Важнік і дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Генадзьевіч Кулажанка.