Бібліяноч - 2016

Здзейснілася! Фундаментальная бібліятэка БДУ у ліку чатырох бібліятэк сталіцы узяла ўдзел у міжнароднай акцыі Бібліяноч-2016. Бібліяноч - маштабная падзея ў падтрымку чытання і сацыяльнай значнасці літаратуры як важнейшай часткі нацыянальнай культуры, якая аб’яднала больш за 2 000 пляцовак у трох краінах свету. Тэма Бібліяночы -2016 «Чытай кіно».

Фундаментальная бібліятэка адчыніла свае дзверы для аматараў дакументальнага кіно, нацыянальнай культуры, літаратуры і нацыянальнай кухні. Наша тэматычная пляцоўка называлася «СУЧАСНЫ ДАКУМЕНТАЛЬНЫ ЭКРАН: СМАЧНЫЯ ГІСТОРЫІ»

Мы разам глядзелі смачныя фільмы дакументальнай стужкі «Гісторыя беларускай страўні», знятай рэжысёрам Аляксеем Раковічам паводле кнігі Алеся Белага «Наша страва», сустрэліся са стваральнікамі фільма: з прадзюсерам Юрыем Ігрушай і рэжысерам Аляксеем Раковічам. Вялікі ім дзякуй за цікавы расповяд пра асаблівасці і сакрэты здымак фільма.

Знаўцы традыцый нацыянальнай кухні беларусаў разгадвалі крыжаванку, удзельнічалі ў тэматычным квэсце, конкурсах, віктарынах і іншых інтэлектуальных забавах.

Найбольш спрытныя і хуткія змагаліся на пляцоўцы для ігрышч - гаспадары прапанавалі традыцыйныя беларускія народныя гульні. Тыя, хто жадаў палепшыць моўную практыку – гулялі ў настолку "МОВА". Было цікава і весела!

Перамога ў кожным конкурсе ці спаборніцтве аплачвалася арыгінальнымі грашыма. Самыя актыўныя і эрудзіраваныя ўдзельнікі, якія назбіралі большую колькасць нашай арыгінальнай валюты – напрыканцы вечара атрымалі дыск з запісам фільма «Гісторыя беларускай страўні» з аўтографамі рэжысера і прадзюсера.

На працягу вечара гучалі самыя смачныя ўрыўкі з літаратурных твораў Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, складальніка “энцыклапедыі сялянскага жыцця” Якуба Коласа, Адама Міцкевіча ў выкананні студэнтаў БДУ, удзельнікаў клуба аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”. Падчас “Адкрытага мікрафона” кожны ўдзельнік “Бібліяночы” мог прачытаць свае ўласныя “смачныя гісторыі”.

Для тых, хто жадаў зрабіць фота ці сэлфі ў нацыянальным стылі - працавала тэматычная фотазона.

Эксперт беларускай кухні, кухар і гісторык кулінарыі Алена Мікульчык прэзентавала сваю новую кнігу «Лучшие блюда белорусской кухни / The best dishes of belarusian cuisine". У кнігу ўвайшлі 40 лепшых страў беларускай кухні, якія суправаджаюць маляўнічыя фатаграфіі, цікавыя гісторыі і падрабязныя рэцэпты на рускай і англійскай мовах. Актыўнічалі ўдзельнікі “Бібіяночы” падчас правядзення майстар-класа па прыгатаванні ЦУКЕРАК… З БУЛЬБЫ!!! Так, менавіта цукерак і менавіта з бульбы!!! Па аўтарскім рэцэпце Алены Мікульчык! І гэта не ўсе! Кожны мог праявіць сябе, як знаўца гісторыі паходжання страў беларускай кухні, адказаць на пытанні інтэрактыўнай віктарыны і атрымаць маляўнічыя паштоўкі з рэцэптамі страў ад Алены.

БЫЛО ТАК СМАЧНА: смачна глядзець, смачна слухаць, смачна адпачываць!!!

Мерапрыемства атрымала станоўчы рэзананс на гарадскім і рэспубліканскім узроўнях у сродках масавай інфармацыі. У інфармацыйным агенстве “Спутник” прайшла прэс-канферэнцыя з прадстаўнікамі бібліятэк-арганізатараў Бібліяночы-2016. У Год культуры ў Рэспубліцы Беларусь гэта акцыя набыла асаблівае гучанне.