Аблічбаваны і размешчаны ў Электроннай бібліятэцы біябібліяграфічны паказальнік «Беларускія пісьменнікі-выхаванцы БДУ, 1921-1976»

16 июля 2021

 У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя Фундаментальнай бібліятэкі БДУ, аблічбаваны і размешчаны ў Электроннай бібліятэцы біябібліяграфічны паказальнік «Беларускія пісьменнікі-выхаванцы БДУ, 1921-1976». Запрашаем азнаёміцца.
Біябібліяграфічны паказальнік «Беларускія пісьменнікі-выхаванцы БДУ, 1921–1976» паказвае ролю і значэнне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. У. І. Леніна ў станаўленні і развіцці беларускай культуры і літаратуры. Паказальнік складаецца з 2-х выпускаў: выпуск I – паэты, выпуск II – празаікі. Паказальнік уключае 6263 апісанняў кніг, артыкулаў са зборнікаў, часопісаў, газет і рэцэнзій. Паказальнік з'яўляецца першай спробай аб’яднаць разам усю літаратуру аб жыцці і дзейнасці 155 беларускіх пісьменнікаў, выхаванцаў універсітэта з 1921 па 1976 гг. Сярод якіх імёны вядомых, і за межамі рэспублікі, беларускіх пісьменнікаў лаўрэатаў Ленінскай і Дзяржаўных прэмій СССР і БССР: П. Глебкі, К. Крапівы, І. Мележа, Н. Навуменкі, Н. Гілевіча, Г. Барадуліна і інш. 
Фундаментальная бібліятэка БДУ, на працягу ўсёй сваёй 100-гадовай гісторыі, актыўна распрацоўвала і распаўсюджвала бібліяграфічную інфармацыю. Быў падрыхтаваны і выдадзены шэраг бібліяграфічных паказальнікаў: імянных, тэматычных, храналагічных. Пад канец 1970-х – пачатку 1980-х гадоў супрацоўнікамі Фундаментальнай бібліятэкі быў падрыхтаваны бібліяграфічны паказальнік «Беларускія пісьменнікі – выхаванцы БДУ, 1921 – 1976». Складальнікам з'яўлялася галоўны бібліёграф Лізавета Якаўлеўна Дукор. Рэдактарамі паказальніка выступілі дырэктар бібліятэкі, заслужаны працаўнік культуры БССР, Іраіда Уладзіміраўна Арэхоўская і загадчык даведачна-бібліяграфічнага аддзела Зінаіда Іосіфаўна Рахманчык. Дапамогу ў працы па падрыхтоўцы рукапісу аказвалі старэйшыя бібліятэкары – Таццяна Іванаўна Міцюхіна і Кацярына Яраславаўна Разанава.
На жаль паказальнік пасля падрыхтоўкі не быў выдадзены і захоўваўся ў бібліятэцы ў выглядзе падрыхтаванага да друку машынапіснага тэксту рукапісу. Апроч таго, быў захаваны і чарнавы варыянт з праўкамі складальніка і рэдактараў. Да 100-годдзя з дня заснавання бібліятэкі было прынята рашэнне аб алічбоўцы і публікацыі поўнага тэксту паказальніка шляхам размяшчэння лічбавай копіі ў рэжыме адкрытага доступу ў Электроннай бібліятэцы БДУ.
Паказальнік месціцца ў якасці самастойнага лічбавага выдання ў фармаце PDF з поўнатэкставым распазнаваннем у адпаведнасці з арыгіналам. Падчас падрыхтоўкі да публікацыі была праведзена зверка тэксту, страчаныя фрагменты папоўнены па чарнавым варыянце.
Хочацца выказаць падзяку супрацоўнікам Фундаментальнай бібліятэкі, якія падрыхтавалі рукапіс да лічбавай публікацыі: Ганне Сяргееўне Новікавай, Сяргею Гар’евічу Грынкевічу, Мае Уладзіміраўне Сянько.
Паказальнік будзе цікавы прафесіяналам бібліятэкарам і бібліёграфам, даследчыкам беларускай літаратуры і гісторыі БДУ, студэнтам гістарычных і філалагічных спецыяльнасцяў.